ФІ́ШЭР ФОН Э́РЛАХ (Fischer von Erlach) Іаган Бернхард (20.7.1656, г. Грац, Аўстрыя — 5.4.1723),
аўстрыйскі архітэктар; адзін з гал. прадстаўнікоў аўстр. позняга барока. У 1670—86 жыў у Італіі, вучыўся ў К.Фантаны. Як архітэктар працаваў пераважна ў Зальцбургу і Вене. У Зальцбургу пабудаваў касцёлы св. Тройцы (1694—1702), калегіяльны (1696—1707), шпітальны св. Іаана (1699—1705). У Вене ўзвёў палацы прынца Яўгена Савойскага (1695—97), чэшскай прыдворнай канцылярыі (1708—14), гал. свой твор — манум. касцёл св. Карла Барамея (з 1716, завершаны яго сынам Іозефам Эмануэлем); удзельнічаў у буд-ве палаца Шонбрун (1696—1711). Сярод інш. пабудоў: палац Клам-Галас (1707—12) у Празе, Электарская капліца пры кафедральным саборы (з 1716) у Вроцлаве (Польшча). Аўтар праекта разбудовы імператарскага замка Гофбург у Вене (рэалізаваны часткова; прыдворная б-ка, 1723, цяпер Нац.б-ка), першай параўнальнай гісторыі архітэктуры — «Нарыс гістарычнай архітэктуры» (1721).
Літ.:
Sedlmayr H. Johann Bemhard Fischer von Erlach. 2 Aufl. Wien. 1976.